Каляды ці Ражджаство?

У нас ужо стала звыклым выкарыстоўваць слова “Каляды” для наймення свята, якое ў другой нашай дзяржаўнай мове завецца “Рождество”. Аднак часам у тэкстах можна знайсці беларускія варыянты гэтага царкоўнаславянскага тэрміна (“Ражджаство”, “Ражство” і гэтак далей). На скрынках цукерак, на паштоўках, у афіцыйных віншаваннях ад арганізацый мы заўсёды сустракаем розныя варыянты. Дык як жа правільна зваць хрысціянскае свята?

З гэтым пытаннем я звярнуўся да айца Сергія Гардуна, які зараз удзельнічае ў працы над новым перакладам Бібліі на беларускую мову. Айцец Сергій, акрамя рускай і беларускай, добра валодае і іншымі мовамі. Сергій Гардун – кандыдат багаслоўя, кавалер ордэна Сергія Раданежскага. Ён працуе выкладчыкам у Інстытуце тэалогіі імя Кірыла і Мяфодзія БДУ, а таксама ў Мінскай духоўнай акадэміі.

– У сучаснай ангельскай мове, напрыклад, для віншаванняў і наогул у бытавых зносінах выкарыстоўваецца слова «Christmas». Яно не ўключае у сябе паняцце «нараджэнне» («Christmas» узыходзіць да стараанглійскага «Cristes maesse», дзе першае слова – перайначанае грэцкае «Хрістос», паходжанне другога тлумачыцца па-рознаму, а азначае яно ў дадзеным выпадку – літургія, меса (імша). – Заўвага аўтара). Калі звярнуцца, скажам, да французскай мовы, то там свята завецца «Noel» (ад старафранцузскага «nael», а яно, у сваю чаргу пайшло ад лацінскага выразу “natalis dies” – дзень нараджэння. – Заўвага аўтара). Аднак, нават той, хто добра ведае сучасную французскую мову, не разумее, якое паходжанне гэтага слова, а таксама не можа ведаць, што калісьці, ў латыні, яно было звязана з паняццем “нараджэнне”. Зараз гэта проста народная назва, накшталт нашага “Каляды”.
Але ў багаслоўскім сэнсе па-ангельску і па-французску гэта свята завецца «Nativity of Christ» («Nativity» – перайначанае лацінскае слова, таму яго нельга перакласці проста як «нараджэнне», гэта аналаг «Ражджаства», ну а «Christ» – Хрыстос. – Заўвага аўтара) і «Nativite du Christ» (тут усё аналагічна ангельскаму варыянту). Таксама і ў беларускай мове. Як бытавую назву мы можам выкарыстоўваць слова «Каляды», бо і песні мы завем калядкамі, таксама і народны абрад хаджэння па хатах – калядаваннем і гэтак далей. Гэта такія фальклорныя назвы.
Праўда, мяне адно непакоіць: назва «Каляды» не на ўсёй тэрыторыі Беларусі ўжываецца ў такім выглядзе, і ў такім значэнні. Скажам, на Гарадзеншчыне і Бярэстчыне ў шматлікіх раёнах слова «Каляды» наогул не існуе ў множным ліку. Сам я родам з Брэсцкай вобласці. Там карыстаюцца толькі словам «Каляда», у адзіночным ліку, і так завецца менавіта тое, што па-руску гучыць як “Рождественский сочельник” (вечар перад Ражджаством). Яшчэ кажуць «Вадзяная каляда» – “Крещенский сочельник”.
А вось як раз само свята Нараджэння Хрыста у нас завецца «Ражджаством», але толькі існуюць мясцовыя варыянты: «Руздво», «Раздво».
Памятаю, чытаў тэксты этнографа Адама Багдановіча (бацька знакамітага беларускага класіка Максіма Багдановіча). І вось ён піша таксама аб «Калядзе» як аб назве паняцця “Рождественский сочельник”. Уся праблема ў тым, што зараз у нас «Каляды» зрабілі універсальным словам. Як быццам бы кожнаму беларусу павінна быць зразумела, што гэта Ражджаство так называюць. Але вось, напрыклад, для мяне «Каляды» – нешта звязанае з Ражджаством, але не больш. Нават калі ў той мясцовасці, дзе варыянт «Каляды» асноўвны, спытаць каго-небудзь, калі гэтыя Каляды пачынаюцца і заканчаваюцца, не ўпэўнены, што будзе выразны адказ. Таму, калі мы будзем працягваць ужываць гэтае слова, трэба каб было яснае разуменне, што ж такое для нас Каляды.
Але, на мой погляд, слова «Каляды» можа выкарыстоўвацца у быце як назва свята Ражджаства.
Аднак справа ў тым, што наша прэса, радыё і тэлебачанне зусім не жадаюць глыбей на гэта глядзець і разумець, што “Каляды” – не царкоўны, не багаслоўскі тэрмін.
Самы аптымальны варыянт – «Ражджаство». Ён існаваў яшчэ у даваенных багаслоўскіх публікацыях на беларускай мове. У наступны час у нас, вядома, нічога падобнага не выдавалася. Але вось у Польшчы ў беларускай газеце «Ніва» (Беласток) у 1970-я, 1980-я гады заўсёды друкавалі каляндар на наступны год, артыкулы аб святах. І там была назва «Ражджаство Хрыстова». Для праваслаўных вернікаў – самы зразумелы выраз.
– Зараз, бывае, гавораць, што «Каляды» – гэта больш па-беларуску, чым «Ражджаство».
– Што датычыць паходжання слова “Каляды”, тут аніякіх пытанняў няма. Паходжанне лацінскае. «Сalendae» – так зваліся першыя дні месяца. Адгэтуль і слова "каляндар" утварылася.
Такім чынам, «Каляды» не можа быць спрадвечным славянскім словам. Яно проста ў беларускай мове прыжылося і асвоілася.
А вось «Ражджаство» беларусамі ўжываецца ўжо больш тысячы гадоў. Бо з самога пачатку для набажэнстваў выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова. І ніколі нашы продкі іншага слова, акрамя як "Рождество" ў храме не чулі. Яго беларускі варыянт ужываўся і за царкоўнымі сценамі. Ну а калі гаварыць аб паходжанні, то «Ражджаство» – славянскае слова. І яно павінна быць нам бліжэй і радней. Да таго ж яно агульнае для ўсходніх славян.
Мне цяжка сказаць, калі ў нашай мове з'явілася слова «Каляда». Але тое, што слова “Рождество” (“Ражджаство”) з'явілася разам з прыходам хрысціянства –адназначна. І аб гэтым сведчаць помнікі беларускай пісьменнасці.
– Такім чынам, мы можам гаварыць «калядны падарунак», але не «Калядны пост»?
– Так. Тое, што датычыць да Царквы, патрабуе і царкоўнага наймення.

Г-та “Віцьбічы” (нумар за 10 студзеня 2008 года).

Чытайце яшчэ